РО́ЗНІЧНЫЯ ЦЭ́НЫ,

грашовае выражэнне кошту тавараў (паслуг), якія непасрэдна рэалізуюцца насельніцтву ў малых, адзінкавых колькасцях для асабістага спажывання. Паводле эканам. прыроды характару фарміравання падзяляюцца на дзярж., камісійныя і свабодныя. Дзяржаўныя Р.ц. вызначаюцца дзярж. органамі цэнаўтварэння. Камісійныя Р.ц. дзейнічаюць пры продажы с.-г. прадукцыі калгасаў, саўгасаў, сельскага насельніцтва і фарміруюцца ў залежнасці ад закупачнай цаны, якая вызначаецца па пагадненні абодвух бакоў, трансп. і інш. расходаў. Свабодныя Р.ц. фарміруюцца пад уплывам адпускной цаны прадпрыемства-вытворцы ці імпарцёра, аплачанай аптовай надбаўкі, гандлёвай надбаўкі, якая самастойна вызначаецца гандл. прадпрыемствам, улічваюцца выдаткі абарачэння, выплата падаткаў і інш. расходы, неабходны прыбытак. Ваганні Р.ц. цесна звязаны з попытам і прапановамі.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)